Практычныя заняткі 4

САЦЫЯКУЛЬТУРНЫЯ МЕЖЫ І ЭТЫЧНЫ АСПЕКТ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ

Пытанні для самакантролю

 

  1. Акрэсліце начэнні тэрміна “этыка”.
  2. Дайце азначэнне маўленчага этыкету.
  3. Ахарактарызуйце прагматычную ролю ўласных асабовых імёнаў у кантэксце беларусага маўленчага этыкету.
  4. Акрэсліце прэзентатыўную функцыю ўласнага імені ў сітуацыі знаёмства (самапрэзентацыі і прадстаўлення другой асобай).

 

Практыкаванні

 

Практыкаванне 1. Апішыце сэнсавыя адценні і прагматычную значнасць формаў асабовых імён як сродкаў рэгулявання міжсуб’ектных адносін у кантэксце аўтабіяграфічных твораў берасцейскіх пісьменнікаў: аповесці В. Жуковіча “Як адна вясна…”, М. Сянкевіча “У аперацыйным блоку холадна…”, цыкла раманаў У. Гніламёдава “Сямейная хроніка ў стылі барока”.

 

1. Неяк нечакана мяне прывабіла Марыська, якую доўгі час не прыкмячаў (В. Жуковіч “Як адна вясна…”). 2. Генік быў малады, сярэдняга росту мужчына з доўгімі, як у музыканта, пафарбаванымі ў нейкі ржавы колер валасамі, надзвычай худы, вузкагруды. Сутулаваты, з наколкамі на пальцах і перадплеччы (М. Сянкевіч “Нара”). 3. З “мілага”, “Сёмачкі” Сямён паступова ператварыўся ў Каваля. Таццянка ўсё часцей называла яго па прозвішчы, тым самым нібы падкрэсліваючы: я – гэта адно, а ты – зусім чужы чалавек, з якім, такая доля, прыходзіцца пакутаваць. Сямён махнуў рукой: Каваль дык Каваль. Мо калі і ганарыцца будзеш, дурніца, што і ў тваім пашпарце гэтае прозвішча запісана. Жонка ж па-ранейшаму была для яго “Таццянкай”, і ў гэтым слове чулася і прымірэнчая нотка, і нейкае шкадаванне, і надзея на лепшае. Не было нянавісці, але не было і пяшчоты (М. Сянкевіч “У аперацыйным блоку холадна”). 4. “Ражэвіч Уладзімір”, – выразна вымаўляе Іван Іванавіч. “Уладзімір” –так мяне ніхто дагэтуль не называў. Звалі ўсе іначай: Воўка, Валодзька, Валодзя. Я ўстаю, сэрца маё пырхае, як верабейка (В. Жуковіч “Як адна вясна…”). 5. Вучняў было не так і мала, – лічы, усё маладое пакаленне прускаўцаў, а таксама дзеці з суседніх вёсак. Побач з Лявонкам сядзеў Змітрок Зуб з Бабіч, крыху далей – кавалёў сын Цішка Пахолак. Крыху далей, ля карты Расійскай імперыі, салідна атабарыліся Дармідонтаў Трахімка з братам Цімошам – шалапутныя хлопцы… Побач сядзелі Піліпко Ламака і Аляксей Галёнка (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 6. Айцец Глеб даў яму пры нараджэнні, глянуўшы ў святцы, імя Агамемнан, але яно аказалася цяжкім для прускаўскага вымаўлення, і вяскоўцы перарабілі яго на Гамон (У. Гніламёдаў “Уліс з Прускі”). 7. Выбіраемся мы ад цябе, Лявоне (У. Гніламёдаў “Вяртанне”).

 

Практыкаванне 2. Прааналізуйце сэнсавыя адценні і прагматрычную значнасць эмацыйна-ацэначных формаў асабовых імён, ужытых у кнізе ўспамінаў У. Калесніка “Доўг памяці”.

 

1. На пратэст Вані Мацко знайшлася яшчэ адна дадатковая, ужо злавесная выкрутка, фактычна пагроза палітычнага характару: “А ён палітычна нявытрыманы, сказаў на Сталіна Ёська!”. Іранічны, нястрыманы ў словах Ваня Мацко сапраўды назваў Сталіна фамільярным чынам – Ёська. Але ў якім кантэксце? Сярод партызан у прыватных размовах праяўляліся настроі прыгнеченасці, выказваліся балючыя недаўменні, што наша армія адступае ды адступае, што баі перакінуліся ажно на Волгу і на Каўказ. Вось тады Іван Мацко і запярэчыў аднаму ныціку, сказаўшы бадзёра: “Не хныч! Наш Ёська задасць яшчэ гэтаму Адольфу пытлю, што той касцей не пазбірае. Папомніш маё слова!”. Але для аматараў адабраць у Мацка наган патрэбны быў капраметуючы факт, і яго спрэпарыравалі, высмыкнуўшы з кантэксту размовы фамільярнае слова “Ёська”. Гэтае вырванае з фразы слова ўключылася ў той афіцыйны кантэкст, дзе было прынята называць Сталіна ўрачыста: Іосіф ды яшчэ Вісарыёнавіч. І ў такім міжвольным кантэксце фамільярнае Ёська набывала пагардлівую ацэначную афарбоўку. Пажангліраваўшы кантэкстам, атрадныя фарысеі прыпісалі Мацку непавагу да правадыра, а гэта азначала палітычную нясталасць і нават ненадзейнасць. У парадку пакарання, канешне, тут можна было адабраць не толькі наган, а і ўсю зброю. 2. Наогул у Сіняўцы была традыцыя здрабняць і распадабняць імёны, каб яны маглі замяніць і прозвішчы, якія з-за эканоміі слоў неахвотна ўжывалі. Распадабнёныя імёны выяўлялі яшчэ індывідуальныя характары ўладальнікаў, напрыклад, самае пашыранае імя Іван у нашай вёсцы мела такі веер мадыфікацый: Іван – гэта нехта салідны, Іванко – так сабе, Іваначко – благоцце ці блазан, але Ян, Янко, Ясько, Ясенько – ішлі на поўным сур’ёзе. Біблейскае імя Іосіф мела такія варыянты: Ёсіп, Язэп, Язэбко, Джэп, Язэбачко, Юзік, Юзічак, а ПётрПятрук, Пецер, Петрык, Пятро. Калі такіх варыянтаў на ўсіх Іванаў, Язэпаў ці Пятроў не хапала, то дазвалялася ўзмацняць імя родавымі мянушкамі і атрымлівалася Пецер Тарэсін, Пецер Хвелеў, Пецер Базёнаў. 3. Шурачка Бразоўская – філігранная брунетка, што ўмела сябе паказаць і на сцэне ў спектаклі, і саліруючы ў хоры. 4. Грамада выбірала чалавека не менш бывалага, разумнага і дасціпнага, толькі куды больш роўнага і дабрадушнага, чым Андрыян – Фаніка Васілеўскага. Ён умеў тактоўна пагаварыць з “уласцю”, не задзіраючыся. 5. З усіх школьных сяброў, якія вымушаны былі спыніцца на сямі класах Ярэміцкай пачатковай школы, я найбольш шкадаваў Косціка Балабановіча. Косця падабаўся мне за сілу, цвярозы дасціпны розум і праўдамоўнасць.

 

Практыкаванне 3. Прааналізуйце сэнсавую нагрузку прадстаўленых ў творах Георгія Марчука формаў асабовых імён (поўных, усечаных, эмацыйна-ацэначных).

 

1. Дзіўна, колькі сябе помніць Сава, ён не чуў, каб яго аднакласніцу называў хто інакш, як Галіна. Мажліва, гэта ішло ад яе зусім не дзіцячай сур’ёзнасці, удумлівых адносінаў да вучобы, яе дабрыні і сціпласці (“Сава Дым і яго палюбоўніцы”). 2. Васямнаццацігадовая Маня была старэйшая на два гады за сваю сястру Улю, першай адчула нешта нядобрае (“Крык на хутары”). 3. На дубовых колах ля хаты суседкі Сарокі сядзелі хлопцы-сябрукі: Толік Бабёр, Васько Кіцель, Ванька Гасцюшкін (“Кветкі правінцыі”). 4. Памёр наш Казік. Сорак дзён сёння. Уся вёска, калі хавалі, за труной ішла, плакала. І старыя, і малыя. Вы ведалі яго? Больш такі музы́ка наўрад ці народзіцца. Ад Бога талент меў (“Вочы і сон”) 5. Кастусю Іванавічу Пузану да пенсіі засталіся лічаныя гады, але ж да гэтага часу мястэчка не перавучыцца, каб не клікаць яго неяк іначай. Як прычапілася да Пузана з дзяцінства гэтае дзіцяча-пацешнае Косцік, так і не змог ён з гадамі выкарчаваць ці перайначыць яго. І малыя, і старыя клікалі Косцікам, дый годзе. Змірыўся, прызвычаіўся, не злаваўся ні на кога за такое панібрацтва, нават не крывіўся (“Начная рыбалка”) 6. Міналі дні і месяцы, і ахапіла яе нуда, якая з’ела ў вачах рэшту маладога агню. Цётка Еўдакія пасівела і зрабілася бабай Яўдохай (“Яўдоха Шабуня”) 7. Пісала мне сюды, што нарадзіла дзіця, пытала, якое імя хачу даць. Напісаў: Васілёк (“Вочы і сон”). 8. Было тое ці не было, а можа яно толькі прыснілася старэнькай і слабой Ірыне Анатольеўне, якую на свой манер Іван Сільвестравіч называў пяшчотна і артыстычна – Ірэн (“Год дэманаў”).